«Я, СЕРБ, ЗНАХОДЖУСЯ ТУТ МІЖ СВАЯКОЎ»
09.07.2014
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велька Кавачавіч — аб агульных каранях, эканамічных стасунках і нацыянальных асаблівасцях.
|
— Паважаны спадар пасол, як Вас лепш за ўсё прадставіць беларускай грамадскасці? Што варта было б адзначыць і падкрэсліць асобна?
— Я прафесійны дыпламат, працаваў у Пакістане, Румыніі, Расіі… І вось, мaю гонар быць Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь. Займаўся я пытаннямі краін былога Савецкага Саюза шмат гадоў, таму, адпаведна, знаёмы і з абставінамі на постсавецкай прасторы ўвогуле.
— Раней вы бывалі ў Беларусі?
— Неаднойчы бываў, і затрымліваўся, у шэрагу рэспублік былога СССР… А вось у Беларусі, на жаль, я апынуўся ўпершыню.
— І як вы нашу Беларусь уяўлялі сабе на падставе звестак СМІ, літаратуры?..
|
— Павінен сказаць, што маe веды і ўяўленні пра Беларусь засноўваліся не на СМІ… Я падкрэсліваю гэта, маючы на ўвазе тое, што вялікія, сусветныя СМІ не праяўляюць асаблівай цікавасці да меншых народаў — такіх, як сербы і беларусы, — акрамя выпадкаў, калі ў іх, барані Божа, здараецца нешта страшнае. Я меў дастаткова поўную і адэкватную інфармацыю пра рэальнасць жыцця і развіцця сяброўскай, братэрскай Беларусі.
— Гэтыя ўяўленні змяніліся пасля новага прызначэння і непасрэднага знаёмства з нашай краінай?
— Так, яны пэўным чынам змяніліся. Але выключна ў пазітыўным плане. Прычым ужо з таго моманту, калі я ступіў на брацкую беларускую зямлю і сваімі вачыма на яе паглядзеў. Перш за ўсё, мяне парадавала тое, што наваколле тут — неверагодна багатае на зялёныя колеры, якіх я не заўважаў у Сербіі. Ды і ўсё, што давялося ўбачыць за гэты час у сталіцы вашай дзяржавы, у Мінску (уладкаванне і функцыянаванне горада, яго архітэктура, а таксама людзі), мяне станоўча ўразіла. Калі азначаць маё асабістае адчуванне, то яно вось якое: я, серб, знаходжуся тут між сваякоў, родзічаў… Гэта дадаткова ўзмацняе ўражанні. Часам нават забываюся, што я тут — пасол замежнай краіны, а не адзін з вас, беларусаў.
— Прыемна чуць, што вы так хутка і моцна «прыкіпелі душою» да Беларусі. Дык, можа, тут ёсць дадатковыя прычыны — якія-небудзь глыбінныя повязі? Напрыклад, тое, што вашы далёкія продкі паходзілі з нашых краёў?
— Гістарычныя сувязі паміж Сербіяй і Беларуссю яшчэ не вывучаны ў дастатковай ступені. Але бясспрэчным з’яўляецца наша агульнае паходжанне. Я вось здаўна памятаю меркаванні некаторых сербскіх гісторыкаў пра тое, што частка славянскіх плямён дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў дайшла да Балканскага паўвострава. Адпаведна, магчыма, што продкі ў нас агульныя. І па цяперашні час на нашых землях — у Герцагавіне і Чарнагорыі — засталіся паданні пра гэтыя плямёны, асабліва пра дрыгавічоў. Так што мае продкі вельмі добра ўсведамлялі сваё адзінства з рускімі і беларусамі, і такое ўсведамленне захоўваецца. Гэта, можна сказаць, наша сямейная традыцыя. І мой абавязак — перадаць яе дзецям, наступным пакаленням.
Хачу яшчэ звярнуць увагу вось на які эпізод з сямейнай гісторыі: маіх бацьку і маці ў Ліцы (сучасная Харватыя) хрысціў рускі свяшчэннік айцец Мікалай… (вядома, што ён пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пакінуў Расію, апынуўся ў Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (Югаславіі) як бежанец, а потым стаў свяшчэннаслужыцелем Сербскай Праваслаўнай Царквы).
— На што вы перш за ўсё звернеце ўвагу сваіх суайчыннікаў і замежных грамадзян увогуле, калі спатрэбіцца даць кароткую характарыстыку стану цяперашняй Беларусі?
— Перш за ўсё я параіў бы кожнаму, хто мaе магчымасць, прыехаць у Беларусь. Каб самому, на свае вочы пабачыць яе прыгажосць, а таксама адчуць высакароднасць, гасціннасць і дабрыню беларускага народа. Каб асабіста пераканацца ў тым, што ваша краіна пастаянна развіваецца, жадае дасягнуць прагрэсу.
— А што з беларускага вопыту, на ваш погляд, можа быць карысным для цяперашняй Сербіі?
— Для Сербіі было б карысна запазычыць ваш вопыт у галіне эканомікі, пачынаючы ад фарміравання вытворчых магутнасцяў на прадпрыемствах, развіцця іх канкурэнтаздольнасці і да ролі дзяржавы ў эканоміцы.
— З другога боку, які пазітыўны вопыт Сербіі магла б скарыстаць Беларусь?
— Сербы на працягу стагоддзяў праяўлялі выключную ўпартасць і трываласць у абароне сваіх нацыянальных інтарэсаў, нават нягледзячы на тое, што страчвалі дзяржаўнасць, вымушаны былі масава перасяляцца на іншыя тэрыторыі і г.д. Аднак такое нешта я заўважыў і ў беларусаў. Таму, напэўна, гэта, хутчэй, поле ўзаемадзеяння нашых народаў, а не пазітыўны вопыт уласна сербскага народа.
— Больш за чатыры дзесяцігоддзі, займаючыся культурай Сербіі, я часта разважаю пра падабенства лёсаў і характараў нашых народаў. А як вы глядзіце на гэта?
— Што датычыцца характэрных рыс нашых народаў, у аснове іх ляжыць адзін славянскі тып. Асаблівасці абодвух народаў, па сутнасці, вельмі станоўчыя. Аднак думаю, што наша любоў да праўды і наіўнасць набываюць, што называецца, «сваю цану» ў адносінах з іншымі народамі. Ведаючы, што за намі праўда, мы недастаткова рупімся, каб даказаць гэта іншым, бо апрыёры верым у добразычлівасць усіх людзей.
Праўда сербы, як правіла, больш тэмпераментныя, схільныя хутка прымаць рашэнні і залішне лічаць сябе важнымі. Беларусы ж, на мой погляд, больш сціплыя, настойлівыя і арганізаваныя.
— Мне часта даводзілася чуць самыя цёплыя словы пра сербаў ад беларусаў; і пра беларусаў ад сербаў таксама. Прычым, на маё ўспрыманне, гэта не дзяжурная ласкавасць. А на ўспрыманне ваша?
— Гэта не абмен «любезнасцямі». Тут справа ў калектыўным свядомым і неўсвядомленым разуменні, а таксама адчуванні сяброўства і братэрства паміж нашымі народамі.
— Згодны. І выяўляецца гэта больш за ўсё ў крытычных сітуацыях. У мудрай беларускай народнай прыказцы гаворыцца: «Абліжы мяне, калі горка. А калі соладка, я і сам абліжуся». Беларусы, калі сербам было горка, не адварочваліся…
— Калі сербы аказваліся ў бядзе, беларусы заўсёды праяўлялі брацкую салідарнасць і выключную чалавечнасць. Дастаткова згадаць толькі тое, што падчас агрэсіі НАТА і несупынных бамбардзіровак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка быў адзіным кіраўніком замежнай дзяржавы, які тады наведаў Сербію. Ды і нядаўнія праявы салідарнасці, звязаныя з катастрафічнай паводкаю ў Сербіі, вельмі кранальныя: акрамя велізарнай падтрымкі Беларусі як дзяржавы, яе грамадзяне тут, у пасольства звяртаючыся, выказвалі такую салідарнасць, якую цяжка апісаць.
— Вы, прыняўшы на сябе абавязкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў нашай краіне, зразумела, галоўным лічыце ўсталяванне як мага лепшых палітычных і эканамічных узаемасувязяў. Што б вы асабіста сказалі пра вынікі нядаўняга афіцыйнага візіту нашага Прэзідэнта ў вашу краіну?
— Візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Сербію не толькі пацвярджае традыцыйна добры і сяброўскі характар адносін паміж нашымі краінамі, але і адкрывае зусім новыя магчымасці для супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Падчас візіту Прэзідэнта Беларусі былі падпісаны восем двухбаковых пагадненняў. У гэты ж час у Сербіі адбыўся бізнес-форум, у якім з сербскага боку ўдзельнічалі больш за 120 бізнесменаў і прадпрымальнікаў, а з беларускага — больш за 50. Зусім рэальным цяпер бачыцца чаканы ў бліжэйшым часе рост аб’ёму таваразвароту да 500 мільёнаў долараў, з цяперашніх 200.
Прэзідэнт Сербіі Томіслаў Нікаліч падчас гэтага візіту засяродзіў сваю ўвагу на вялікім значэнні ўсяго таго, што Прэзідэнт Лукашэнка зрабіў для Беларусі, для захавання міру, стабільнасці, пастаяннага прагрэсу ва ўсіх сферах, а таксама яго вялікага ўкладу ў развіццё сербска-беларускага супрацоўніцтва. Прэзідэнт Лукашэнка, у сваю чаргу, падкрэсліў, што Сербія — самы значны і лепшы сябра Беларусі не толькі на Балканах, але ва ўсёй Еўропе.
Акрамя ўсяго згаданага, сёлета ў Бялградзе адбудзецца пасяджэнне Міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. А ўвосень трэба чакаць і адпаведнага візіту з Сербіі ў Беларусь.
Такім чынам, падагульняючы сказанае, можна зрабіць толькі адну выснову: узаемаадносіны паміж нашымі дзяржавамі і народамі з цягам часу павінны станавіцца ўсё больш разнастайнымі і ўсё лепшымі.
— Усё-такі мы вядзём гаворку пераважна пра эканоміку. Аднак жа неацэннае значэнне маюць сувязі духоўныя, культурныя… У якой ступені вы гатовы ўмацоўваць і развіваць іх?
— Нашы культурныя і духоўныя сувязі маюць выключна багатую гісторыю, але сёння яны развіваюцца не зусім адпаведна запатрабаванням і магчымасцям нашых краін. Патрэбна як мага бліжэй звязваць культурныя інстытуцыі нашых краін. У гэтым працэсе дзяржаўныя структуры Сербіі будуць аказваць усялякую падтрымку. Думаю, што двухбаковыя творчыя выезды як слынных, так і маладых, яшчэ недастаткова актывізаваных, дзеячаў мастацтва маюць прыярытэтнае значэнне ва ўсіх сферах нашага культурнага супрацоўніцтва. Адпаведна, я таксама хачу падкрэсліць важнасць культурных і духоўных сувязяў, якія ўяўляюць сабою аснову блізкасці нашых народаў. У палітыцы і эканоміцы могуць быць ваганні, але культурныя сувязі не павінны залежаць ад гэтага.
— Мы з вамі добра ведаем фразу, якую некалі з гонарам прамаўлялі чарнагорцы: «Нас і рускіх дзвесце мільёнаў». Цяперашнія чарнагорцы-монтэнэгрысты гэтага ўжо не згадваюць. А мы можам — не без гонару— заяўляць: «Нас і сербаў (Нас і беларусаў) дваццаць мільёнаў»?
— Цалкам згаджаюся з гэтым. Са свайго боку, хацеў бы і сам сказаць: «Нас і беларусаў дваццаць мільёнаў». Акрамя паходжання і глыбокіх гістарычных повязяў, нашы народы звязваюць таксама падобныя мовы, веравызнанне, культурныя традыцыі і шмат іншага.
— Я, сардэчна дзякуючы за цікавую і змястоўную размову, хацеў бы, з вашага дазволу, падвесці вынікі размовы пажаданнем: «Живела Србиjа! Заjедно са Белорусиjом»
Іван Чарота.